ФАКУСІРО́ЎКА ГУ́КУ,
пераўтварэнне плоскіх ці разбежных гукавых хваль у збежныя. Праводзіцца для аптычных і радыёхваль метадамі адбіцця або пераламлення.
Адрозніваюць актыўную і пасіўную факусіруючыя сістэмы. Актыўная (акустычны канцэнтратар) непасрэдна стварае збежны хвалевы фронт, пасіўная (лінзы акустычныя ці люстры) мяняе акустычную даўжыню шляху такім чынам, што пераўтварае плоскі ці разбежны фронт у збежны. Пры Ф.г. адбываецца рэзкае ўзмацненне гукавога ціску, вагальнай скорасці часціц і інтэнсіўнасці гуку. Ф.г. выкарыстоўваецца для атрымання гукавога відарыса (у сістэмах гукабачання і акустычнай галаграфіі, акустычным мікраскопе), для фарміравання зададзенай дыяграмы накіраванасці электраакустычных пераўтваральнікаў (напр., у гідралакатарах, сістэмах сканіравання, для канцэнтрацыі ультрагукавой энергіі) і інш.
т. 16, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)